Кіраўнік украінскай разведкі расказаў, чаму беларусы не выходзяць на акцыі супраць вайны, і даў характарыстыку Лукашэнку
12 кастрычнiка 2023 у 1697099040
«Зеркало»
Беларусы не выходзяць на антываенныя пратэсты, бо грамадства задушанае і запалоханае рэпрэсіямі. Многія баяцца, што можа быць «як ва Украіне». Пра гэта заявіў кіраўнік украінскай разведкі Кірыл Буданаў, адказваючы на пытанні ў праекце «Дивись».
- Памятаеце 2020 год, у іх была рэальная рэвалюцыя - народ паўстаў. А чаму падчас вайны нічога такога ў грамадстве не адбываецца? Ён настолькі прыдушыў свой народ? - пацікавіўся ў Буданава вядоўца.
- Ну, па-першае, ён (Лукашэнка. - Заўв. рэд.) сур'ёзна ўсё прыдушыў, гэта праўда. А па-другое, вайна ва Украіне палохае беларусаў. Ім жа асноўны пасыл які робяць - вы што, хочаце як ва Украіне? Зразумела, яны глядзяць тэлевізар, тэлефануюць сюды сваім сябрам і родным, чытаюць інтэрнэт. І ім страшна.
Характарызуючы Лукашэнку, Буданаў назваў яго хітрым.
- Ён віхляе, і яму гэта ўдаецца. Калі б ён не быў такім хітрым, мы ўжо мелі б вайну і з Беларуссю, і з тэрыторыяй Беларусі, якую проста выкарыстала б Расія. Гэта нам у плюс. Не будзем абяляць гэтага чалавека, але тое, што ён пасля тых страшных падзей зімы і вясны 2022 года (расійскія войскі зайшлі ва Украіну ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. - Заўв. рэд.) не дапусціў нават спробы ўварвання - гэта праўда. Трэба аддаць яму належнае.
Нагадаем, пасля абвяшчэння пра пачатак «спецыяльнай ваеннай аперацыі» Уладзімірам Пуціным 24 лютага расійскія войскі зайшлі ва Украіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, што зрабіла Беларусь суўдзельніцай акту ваеннай агрэсіі, нягледзячы на ўсе абяцанні Лукашэнкі ўкраінскім лідарам, што «ніколі з нашай тэрыторыі не будуць атакаваць Украіну».
За два дні да пачатку вайны найвышэйшыя службовыя асобы, у тым ліку міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, а таксама тагачасны кіраўнік Дзяржпамежкамітэта Анатоль Лапо запэўнівалі сваіх украінскіх калег, што тэрыторыя Беларусі не будзе выкарыстаная для нападу на Украіну.