Калі вы збіраецеся браць крэдыт, то для вас ёсць не вельмі пазітыўная навіна. Нацбанк уводзіць змяненні
16 лiпеня 2024 у 1721129580
«Зеркало»
Рост цэн у Беларусі паскараецца, нягледзячы на жорсткае рэгуляванне з боку ўрада. Гэта адбываецца на фоне павышанага попыту насельніцтва на тавары. Адна з прычын спажывецкага ажыятажу - адносна танныя пазыкі банкаў. На гэтым фоне Нацбанк зрабіў сціплы крок у бок узмацнення ўмоваў крэдытавання. Ці зможа гэта стрымаць рост цэн - спыталі эканамістку Анастасію Лузгіну.
Чаму інфляцыя паскараецца
У чэрвені рост цэн працягнуў паскарацца і ў сярэднім склаў 5,8% у гадавым выражэнні і 0,6% - у месячным. Пры гэтым не абышлося без «анамалій» па інфляцыі.
- Напрыклад, кілаграм бульбы ў чэрвені ў Беларусі падаражэў на 111% у параўнанні з траўнем, то-бок за месяц. Калі ў траўні ён у сярэднім каштаваў блізу 99 капеек, то ў чэрвені - ужо больш за 2 рублі. У параўнанні з чэрвенем мінулага года рост цаны на бульбу склаў каля 40%, - кажа эканамістка Анастасія Лузгіна.
Рэч тут не толькі ў тым, што запасы мінулага ўраджаю заканчваюцца, а новы яшчэ не саспеў, адзначае экспертка. Яшчэ адна прычына - дынаміка цэн на прадукт на сусветным рынку паскорылася, бо акурат цяпер у чаканні новага ўраджаю яго актыўна імпартуюць. Таму па бульбе (яе імпартуюць, пакуль не з'явіцца айчынная свежая гэтага года), а таксама па каве, рыбе, ікры відаць уплыў агульнасусветных трэндаў. Бо рэгуляваць цэны на знешніх рынках беларускія чыноўнікі не могуць, такім чынам, імпарт да нас паступае па рынкавай цане.
- На ўзровень цэн таксама ўплывае дынаміка гэтага паказчыку ў краінах - асноўных гандлёвых партнёрах. З аднаго боку, як казаў ЕАБР, паколькі эканоміка скіраваная на Расію, то вышэйшая інфляцыя там (8,6%) перакладваецца і на рост цэн у нас, - кажа экспертка, удакладняючы, што гэта звязана як з імпартам гатовых тавараў з гэтай краіны, так і з увозам камплектавальнікаў. - Аналагічная сітуацыя з Казахстанам - там яна запавольваецца, але ў чэрвені склала ў гадавым вылічэнні 8,4%. Гэта тыя краіны, з якімі Беларусь актыўна супрацоўнічае.
Але акрамя влнкавых прычын паскарэнне інфляцыі звязанае таксама з шэрагам унутраных фактараў. Цэны рэгулююцца, але гэта не значыць, што яны фіксуюцца на адным узроўні - то-бок яны могуць расці, але проста стрымліваюцца з боку дзяржавы, падкрэслівае Анастасія Лузгіна. Асноўнымі ўнутранымі фактарамі эканамістка называе высокае спажыванне, якое адбываецца за кошт актыўнага павелічэння рэальных заробкаў, а таксама адносна таннага крэдытавання - перш за ўсё спажывецкага.
Як можа паўплываць на жыццё беларусаў рашэнне Нацбанка
З 17 ліпеня Нацбанк падыме стаўкі па крэдыце авернайт (кароткатэрміновыя крэдыты для юрыдычных асобаў) - з 10, 5% да 11% гадавых. Гэта будзе спрыяць «падтрыманню цэнавай і фінансавай стабільнасці», удакладніў рэгулятар.
- Беларусь не можа ўплываць на сусветныя трэнды, а на ўнутраныя - так. Нацбанк можа спрыяць таму, каб запаволіць рост крэдытавання. Самы просты спосаб для гэтага - павышэнне стаўкі рэфінансавання (на яе арыентуюцца стаўкі банкаў). Але яна застаецца на ўзроўні мінулага года - 9,5%. Нацбанк не наважваецца яе падняць, нягледзячы на пэўнае павышэнне цэн, у тым ліку выкліканае высокім крэдытаваннем, як мы ўжо казалі, - кажа Анастасія Лузгіна. - Хутчэй за ўсё, тут быў дасягнуты кансэнсус з урадам, якому падабаецца тое, што адбываецца з крэдытаваннем, бо гэта спрыяе эканамічнаму росту.
У той жа час рэгулятар робіць вельмі асцярожныя крокі ў бок узмацнення жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі, працягвае эканамістка. Сюды адносіцца павышэнне стаўкі па крэдытах авернайт.
- Па гэтых стаўках Нацбанк выдае крэдыты камерцыйным банкам на вельмі кароткі прамежак часу. Напрыклад, калі ў банка ўсё добра з ліквіднасцю, але ў выніку лагу ў разліках утварыўся недахоп рэсурсаў, ён бярэ такі крэдыт і літаральна цягам дня аддае яго назад, - тлумачыць экспертка. - Такія рэсурсы для камерцыйных банкаў сталі даражэйшымі на паўпрацэнта. Адпаведна, гэта можа зусім крыху паўплываць на рост агульных ставак па крэдытах.
Як відаць, рашэнне рэгулятара даволі сціплае. Аднак хай і мінімальна, але яно адаб'ецца на падаражэнні крэдытаў, тым самым трохі стрымліваючы попыт і, адпаведна, інфляцыю.
Чытайце таксама