«Што ў нас з кантрабандыстамі?» Лукашэнка пацікавіўся працай мытні і паскардзіўся на «шаленства» суседзяў
16 верасня 2024 у 1726477920
«Зеркало»
Аляксандр Лукашэнка 16 верасня прыняў з дакладам старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК) Уладзіміра Арлоўскага. Ён пацікавіўся, як працуе служба ва ўмовах санкцый, закрытых пунктаў пропуску і пераарыентацыі эканомікі на ўсход, а таксама як ідуць справы з кантрабандыстамі, перадае прэс-служба палітыка.
Са словаў Лукашэнкі, у беларускіх мытнікаў «цяпер працы дадалося значна, асабліва пасля таго, як у нас з'явіліся праблемы з Захадам».
- Усё ж такі мы пераарыентавалі сваю эканоміку на ўсход. Якая цяпер сітуацыя ў сувязі з гэтай пераарыентацыяй таварных патокаў на ўсход і як працуе мытня? - спытаў ён.
Таксама палітыка цікавіла сітуацыя з транзітам беларускіх грузаў, мытнымі плацяжамі і бяспекай на мяжы.
- Што ў нас з кантрабандыстамі? - удакладніў Лукашэнка.
Ён таксама паскардзіўся на «шаленства» заходніх суседзяў Беларусі, якія закрылі некалькі пунктаў пропуску на мяжы.
- Натуральна, можна было адмахнуцца ад гэтага, сказаць, што санкцыі ўвялі, не гандлюем так з Захадам, як раней. Але ж [Беларусь. - Заўв. рэд.] транзітная краіна. Таму для нас гэтая ацэнка важная, - сказаў палітык і папрасіў даць ацэнку сітуацыі «ў перспектыве на будучыню».
У сваю чаргу кіраўнік ДМК адрапартаваў яму, што «мытня стала больш мабільнай і больш даступнай для айчыннага бізнесу», хоць закрыццё пунктаў пропуску і «наўмыснае перашкаджанне сумежнымі краінамі руху беларускіх грузаў» памянялі сітуацыю на мяжы з ЕС.
- Мы ў сувязі з гэтым мяняем свае тэхналогіі і падыходы. Самае галоўнае - максімальная падтрымка нашых прадпрыемстваў, дапамагаем мяняць лагістыку на ўсход. Лагістыка стала больш складаная, шматступенная. Мы перабудоўваем свае тэхналогіі, каб мы маглі афармляць грузы з любога мытнага пункта, дзе ёсць свабодны мытнік. Гэтыя тэхналогіі мы выкарыстоўваем пастаянна, - расказаў Уладзімір Арлоўскі.
Ён дадаў, што пры неабходнасці афармлення ў начны час мытнікі задзейнічаюць кругласутачныя пункты, якія афармляюць любы груз.
Што да ўкраінскага кірунку, то з асноўных пунктаў пропуску «мытня не сыходзіла»:
- Мы засталіся на працоўных месцах і ажыццяўляем выдаленае мытнае афармленне грузаў, якія знаходзяцца ўнутры краіны, - патлумачыў Арлоўскі.
Паводле яго, такім чынам падтрымліваецца кваліфікацыя супрацоўнікаў, а тэхніка не прастойвае.
- Калі трэба будзе, мы будзем гатовыя аднавіць у поўным аб'ёме мытнае афармленне ўжо на мяжы, - дадаў старшыня ДМК.
У той жа час беларускія мытнікі выяўляюць «даволі сур'ёзныя аб'ёмы ўвозу ў нашую краіну як зброі, так і боепрыпасаў, патронаў, наркотыкаў, валюты, якая можа быць выкарыстаная ў тэрарыстычнай дзейнасці».
- Так, за восем месяцаў гэтага года мытнымі органамі выяўлена блізу 50 штук агнястрэльнай зброі і частак да агнястрэльнай зброі, блізу трох тысяч патронаў, куль, складнікаў боепрыпасаў, блізу 2,5 тысячы адзінак халоднай зброі, - пералічыў Уладзімір Арлоўскі.
Нагадаем, на беларускай мяжы цяпер функцыянуюць толькі пяць аўтадарожных пунктаў пропуску з ранейшых 26: па два на польскім і літоўскім кірунках і адзін - на латвійскім.
Чытайце таксама