«Дыялог нянечкі дзіцячага садка з выхаванцам». Беларуса на працы прымушаюць падпісацца за Лукашэнку, але ён адмаўляецца
25 лiстапада 2024 у 1732555980
Якуб Пушноў / «Зеркало»
На мінулым тыдні прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі заявіла, што за вылучэнне палітыка кандыдатам у прэзідэнты сабралі 1,5 млн подпісаў. «Люстэрка» ўжо расказвала пра тое, як беларусаў «добраахвотна-прымусова» змушаюць распісвацца за дзейную ўладу. Але знаходзяцца і тыя, хто не згаджаецца на ўгаворы. Як наш герой, што працуе ў адной з беларускіх дзяржарганізацый.
Мы не называем месца працы і сапраўднага імені суразмоўцы з меркаванняў бяспекі.
Ігар працуе ў адным з буйных гарадоў Беларусі. Нядаўна кіраўніцтва арганізацыі папрасіла кожнага супрацоўніка выслаць на электронную пошту свае пашпартныя звесткі, пасля чаго асабіста прыйсці ў кабінет непасрэднага начальніка.
- На пытанне пра мэту гэтага мерапрыемства кіраўніцтва спачатку ўнікліва, а праз нейкі час ужо наўпрост адказала, што ў краіне ідзе выбарчая кампанія і нашыя звесткі патрэбныя для ўнясення ў табліцу збору подпісаў «за дзейнага прэзідэнта», - кажа Ігар.
Са словаў мужчыны, не ўсе супрацоўнікі ягонай арганізацыі пагадзіліся падаць свае звесткі і падпісацца за Лукашэнку.
- Пасля адмовы часткі калег удзельнічаць у гэтым мерапрыемстве кіраўніцтва пачало нам пагражаць, - сцвярджае суразмоўца. - Усё звялося да таго, што начальства мудрагеліста намякнула на магчымае звальненне. Мне сказалі прыкладна наступнае: «Вы ж працуеце ў дзяржаўнай установе. Калі вы не за вылучэнне кандыдата, то як вы можаце ў нас працаваць? Ці вы не задаволеныя кіраўніцтвам? Нам бы хацелася працягваць з вамі працаваць, але калі вашых звестак і подпісу не будзе ў табліцы, то з'явяцца пытанні, чаму ў нас не стварылі ўмоваў, каб супрацоўнікі былі за дзейную ўладу».
Ігар кажа, што пасля пагрозы звальнення частка ягоных калег усё ж пагадзілася даслаць пашпартныя звесткі і паставіла подпіс за вылучэнне Лукашэнкі. Але сам мужчына адмовіўся.
- Начальства не здалося і працягнула ўгаворваць і пагражаць, - сцвярджае суразмоўца. - Але і я не здаўся. Спытаў, як мой подпіс паўплывае на вылучэнне, калі і без яго ў Лукашэнкі ўжо ў 15 разоў больш аўтографаў, чым патрабуе закон (для вылучэння кандыдата дастаткова 100 тысяч подпісаў. - Заўв. рэд.). Начальнік адказаў, што такім чынам павышаецца рэйтынг нашай установы.
Гэты аргумент на Ігара не паўплываў, і мужчына працягнуў супраціўляцца парушэнню сваіх канстытуцыйных правоў:
- У нейкі момант я злавіў сябе на думцы, што гэта не размова кіраўніка і супрацоўніка, а дыялог нянечкі дзіцячага садка з выхаванцам: «Вы будзеце як белая варона, усе паставяць подпіс, а вы не». Яшчэ ў мяне пыталі, ці бачу я сваё далейшае развіццё ў Беларусі. На пытанне, няўжо подпіс паўплывае на тое, як я развіваюся, мне адказалі, што ўсе табліцы ўлічваюцца і перадаюцца наверх. А там могуць з'явіцца пытанні і да мяне, і да кіраўніцтва нашай арганізацыі.
Акрамя Ігара подпісы за вылучэнне Лукашэнкі адмовілася пакідаць яшчэ некалькі супрацоўнікаў. Пакуль, паводле мужчыны, усе яны працуюць далей.
- На сёння наступстваў адмовы яшчэ не відаць, - кажа суразмоўца. - Магчыма, усе калегі ўсё ж падпісаліся, а я сапраўды застаўся белай варонай. Думаю, што ў такім выпадку мне б паказалі, што я адзіны, хто не паставіў подпісу з усіх супрацоўнікаў. Такі стыль пераконваць уласцівы нашаму начальству. Спробы паўплываць на маё рашэнне працягваюцца. Днямі зноў была такая ж размова. Але пакуль я працую. Паглядзім, да чаго ўсё гэта прывядзе.
Чытайце таксама