У расійскім Энгельсе пасля атакі беспілотнікаў гарыць нафтасховішча з палівам для стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС, якія наносяць ракетныя ўдары па Украіне. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ.
«Сёння ноччу атакаваная база захоўвання нафтапрадуктаў „Камбінат Крышталь“ у Энгельсе Саратаўскай вобласці. У раёне цэлі фіксаваліся шматлікія выбухі, пачаўся маштабны пажар. Мясцовыя ўлады пацвярджаюць траплянне ў „прамысловы аб’ект“», — паведамілі ва ўкраінскім Генштабе.
Відэа: тэлеграм-канал AstraТам адзначылі, што нафтабаза забяспечвала палівам вайсковы аэрадром «Энгельс-2», дзе базуецца расійская стратэгічная авіяцыя, і ўдар па ёй стварае сур’ёзныя лагістычныя праблемы для арміі РФ, у прыватнасці «істотна зніжае магчымасці наносіць удары па мірных украінскіх гарадах і цывільных аб’ектах».
Раней тое, што ноччу ў Энгельсе была пашкоджаная нафтабаза «Крышталь», высветліла Astra — выданне геалакавала фота і відэа пажару, якія ў сацсетках пачалі выкладваць мясцовыя жыхары.
«На прадпрыемстве, дзе адбылося ўзгаранне пасля атакі БПЛА, разгорнуты аператыўны штаб. На месцы абмеркавалі са спецыялістамі сітуацыю і план па ліквідацыі. Сіл і сродкаў для лакалізацыі пажару дастаткова. На прадпрыемстве працуюць спецыялісты МНС, абласной службы выратавання і іншыя профільныя службы», — паведаміў губернатар Саратаўскай вобласці Раман Бусаргін, не гаворачы дакладна, што за прадпрыемства зазнала напад.
Мінабароны РФ у ранішняй зводцы паведаміла пра 11 збітых у Саратаўскай вобласці беспілотнікаў.
Паводле апошніх звестак, пажар дагэтуль не патушылі.