У Мінску 20 чэрвеня абвясцілі прысуд праваабаронцы Насце Лойка, паведамляе «Медыязона».
Суддзя Алена Шылько асудзіла яе на 7 гадоў калоніі. Пра гэта выданню расказала праваабаронца Эніра Браніцкая.
Заснавальніцу Human Constanta абвінавачвалі ў распальванні варожасці. Падставай для распачынання крымінальнай справы паслужыла справаздача «Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і грамадскіх актывістаў у Беларусі (2017 — жнівень 2018)». Там даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі.
Нагадаем, Насту Лойка затрымалі 28 кастрычніка 2022 года (перад тым яна месяц адбывала адміністрацыйныя арышты на Акрэсціна і на волі паспела прабыць усяго тры тыдні). Яе пяць разоў запар асуджалі па адміністрацыйных артыкулах і падаўжалі арышт. Толькі ў канцы снежня ёй выставілі абвінавачанне па крымінальнай справе.
Падчас знаходжання на Акрэсціна Насце Лойка не перадавалі лекаў і цёплых рэчаў, акрамя таго, яе падвяргалі катаванням і жорсткаму абыходжанню. Як расказала сама Наста падчас аднаго з судоў, 11 лістапада супрацоўнік ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор без вопраткі і пакінуў на восем гадзін. Пазней адна з вызваленых зняволеных патлумачыла, што прычынай была напісаная Настай скарга на тое, што арыштантаў, якіх адпраўляюць працаваць на сметнік, падоўгу трымаюць у двары на марозе. Супрацоўнік ЦІП (сцвярджаецца, што ягонае прозвішча Цішачкін) вывеў яе на двор са словамі, што цяпер яна «сама ўбачыць, як там», а потым прасіў не пісаць скаргу.
Таксама Лойка тады паведаміла, што за час арышту яе двойчы вадзілі на «гутаркі» з супрацоўнікамі ГУБАЗіК, там яе адзін раз ударылі электрашокерам. Расійская журналістка і праваабаронца Кацярына Яньшына, якая вызвалілася з Акрэсціна, пазней расказала, што такім чынам супрацоўнікі ГУБАЗіК спрабавалі выбіць у Насты воблачны пароль ад Telegram, які яна забыла. Паводле яе словаў, Лойка электрашокерам білі ў пятку, каб не пакідаць слядоў.
Чытайце таксама