Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


З часу заканчэння хуткаплыннага бунту Яўгена Прыгожына і яго маршу на Маскву прайшоў больш чым тыдзень. Як мінімум частка наймітаў ПВК Вагнера сабралася ў Беларусь, а ў Асіповіцкім раёне пачалося будаўніцтва намётавага лагера — імаверна, акурат для размяшчэння вагнераўцаў. Аднак яснасці што да будучыні пакуль няма — невядома ні тое, застанецца сумнавядомая прыватная армія ў Беларусі ці пакіне краіну (або, магчыма, наогул у яе не прыедзе), ні тое, якія функцыі ПВК будзе тут выконваць. Разбіраемся, якія варыянты ўвогуле магчымыя і на што мог разлічваць Лукашэнка, запрашаючы да сябе некалькі тысяч галаварэзаў.

Што вядома пра перамяшчэнне наймітаў у Беларусь?

Пакуль ніякіх пацверджанняў таго, што вагнераўцаў пачалі перакідваць на тэрыторыю Беларусі, няма — бясспрэчны толькі факт будаўніцтва вялікага намётавага лагера прыкладна на восем тысяч чалавек у Асіповіцкім раёне, на тэрыторыі закінутай вайсковай часткі ў вёсцы Цэль. Хутчэй за ўсё, менавіта там размесцяцца найміты пасля «пераезду» — аднак дакладна гэта таксама невядома. Затое вагнераўцы спынілі вярбоўку ў свае шэрагі ў самой Расіі ў сувязі з перадыслакацыяй.

​ Вид на северную часть палаточного лагеря, расположенного на территории бывшей военной части в деревне Цель, Осиповичского района. 30 июня 2023 года. Фото: svaboda.org via planetlabs.com ​
​Від на паўночную частку намётавага лагера, размешчанага на тэрыторыі былой вайсковай часткі ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна, 30 чэрвеня 2023 года. Фота: svaboda.org via planetlabs.com ​

Афіцыйныя беларускія крыніцы пра тое, што для ПВК Вагнера нешта будуецца, не паведамлялі. Толькі прапагандысцкі тэлеграм-канал, блізкі да беларускіх сілавікоў, 30 чэрвеня напісаў, што «фатаграфіі, якія распаўсюджваюцца апазіцыйнымі і празаходнімі СМІ, што нібыта будуецца лагер „Вагнера“ ў Беларусі, не адпавядаюць рэчаіснасці», — аднак ніякіх доказаў гэтаму не падаў.

Ці сапраўды лагер прызначаецца для таго, каб размясціць там некалькі тысяч вагнераўцаў, незразумела — але, падобна, яго будаўнікі вельмі хочуць пераканаць у гэтым навакольных. Наколькі вядома, туды пакуль ніхто не засяліўся, а сапраўднасць саміх аб’ектаў выклікае пытанні: так, на фота відаць, што ні адзін з намётаў не акапаны на выпадак дажджу. З гэтага можна зрабіць выснову, што перад намі не сапраўдны лагер, а толькі інсцэніроўка.

Ряды палаток в строящемся лагере в Осиповичском районе. Видно, что ни одна из палаток не окопана ровиком на случай дождя. Фото: @Popularpolitics
Шэрагі намётаў у будаваным лагеры ў Асіповіцкім раёне. Відаць, што ніводны з намётаў не акапаны раўком на выпадак дажджу. Фота: youtube.com/@Popularpolitics

30 чэрвеня на аэрадром Мачулішчы прылятаў цяжкі транспартны самалёт Ан-124, нібыта звязаны з ПВК Вагнера — цэнтр «Дасье» ўдакладняў, што ён можа перавозіць да 880 байцоў. Аднак маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» пазней адзначала, што самалёт прывёз з Уганды разабраныя знішчальнікі Су-30 угандыйскай авіяцыі — відаць, для рамонту на 558-м авіярамонтным заводзе ў Баранавічах. Рэч у тым, што на самім баранавіцкім аэрадроме рамантуюць паласу, пасадка там часова ўскладненая, таму самалёты прыбываюць не туды, а ў Мачулішчы. 26 чэрвеня гэты Ан-124 ужо прылятаў у Беларусь, прычым з Ульянаўска — а таму з высокай імавернасцю найміты тут ні пры чым.

Пры гэтым за апошнія дні ў нашую краіну ўжо не ўпершыню прылятаў борт Embraer Legacy 600, які належыць самому Яўгену Прыгожыну: «Беларускі Гаюн» пісаў пра прыбыццё самалёта раніцай 1 ліпеня і адлёт каля 16 гадзін таго самага дня.

Маршрут полета в Беларусь самолета, принадлежащего Евгению Пригожину, 1 июля 2023 года. Скриншот: t.me/Hajun_BY
Маршрут палёту ў Беларусь самалёта, які належыць Яўгену Прыгожыну, 1 ліпеня 2023 года. Скрыншот: t.me/Hajun_BY

Раней уладальнік ПВК Вагнера, як мяркуецца, быў у Беларусі 27 чэрвеня. Частка звестак што да прыбыцця былога «кухара Пуціна», ягоных наймітаў і будаўніцтва лагера для іх беларуская маніторынгавая група называла «спланаванай кампаніяй дэзінфармацыі» (нават само вяртанне Прыгожына з нашай краіны 27 чэрвеня некаторыя СМІ палічылі пастаноўкай).

3 ліпеня з’явіўся першы з часоў рашэння перабрацца ў Беларусь аўдыёзварот Яўгена Прыгожына (гэта яго звычайны спосаб камунікацыі). Паведамленне аказалася малаінфармацыйным: уладальнік ПВК Вагнера папрасіў аўдыторыю пра падтрымку і паабяцаў «новыя перамогі», не сказаўшы пра свае планы ні слова.

Падводзячы вынік, можна зрабіць наступныя высновы:

  • будаўніцтва намётавага лагера ў Асіповіцкім раёне сапраўды вядзецца. Магчыма, для дэзінфармацыі;
  • ніякай верагоднай інфармацыі пра тое, што вагнераўцы ўжо знаходзяцца ў нашай краіне, няма;
  • сам Прыгожын, імаверна, у апошнія дні быў у Беларусі, магчыма — не адзін раз.

Навошта Лукашэнка запрасіў вагнераўцаў у Беларусь?

Варыянт першы — часовы прыстанак перад перакідваннем у Афрыку

Вельмі імаверна, што пунктам пастаяннай дыслакацыі для наймітаў ПВК Вагнера Беларусь не стане. Ужо шмат гадоў Яўген Прыгожын мае бізнес-інтарэсы ў розных краінах Афрыкі — яго найміты прайшлі на гэтым кантыненце значна большую частку свайго «баявога шляху», чым ва Украіне. У розны час яны «працавалі» ў Лівіі, Малі, ЦАР, Судане. Яшчэ ў лютым 2023 года, падчас баёў за Салядар пад Бахмутам, у сваім афіцыйным канале Прыгожын згадваў, што яго байцы пойдуць у Афрыку, «калі стануць не патрэбныя».

Сапраўды, такая перспектыва магчымая. У гэтым выпадку ў Беларусь насамрэч можа перабрацца значная частка ПВК Вагнера, але на абмежаваны тэрмін. Для беларускага бюджэту не ўзнікне пытання (хутчэй за ўсё, невырашальнага), за кошт якіх рэсурсаў забяспечваць тысячы наймітаў, якія прывыклі да каласальнага фінансавання ў мільярды даляраў.

В день открытия "ЧВК Вагнер Центра" в Санкт-Петербурге 4 ноября 2022 года. Фото: REUTERS/Igor Russak
Дзень адкрыцця «ПВК Вагнер Цэнтра» ў Санкт-Пецярбургу, 4 лістапада 2022 года. Фота: REUTERS/Igor Russak

Праўда, хто і як будзе забяспечваць наёмную армію ўсім неабходным у гэтым выпадку, таксама не зусім зразумела. Расійская служба Бі-бі-сі адзначала, што, нягледзячы на фармальна «прыватны» статус войскаў Прыгожына, раней афрыканскія кантынгенты вагнераўцаў атрымлівалі фінансаванне і сучасныя ўзбраенні ад расійскага Міністэрства абароны. З аднаго боку, падняўшы мяцеж супраць верхавіны ваеннага ведамства РФ, уладальнік ПВК Вагнера паставіў сябе ў вельмі слабае становішча (наўрад ці вайскоўцы ахвотна будуць забяспечваць чалавека, які спрабаваў іх зрынуць).

«Прыгожыну цяпер трэба знайсці сваё новае месца, бо ПВК Вагнера, па сутнасці, адчапілі ад дзяржаўнага фінансавання ў Расіі. А мы ведаем, які бюджэт трацілі на ПВК. Гэта больш за мільярд даляраў прамых інвестыцый. То-бок дзяржава называла прыватнай ваеннай кампаніяй тое, што цалкам фінансавалася дзяржавай, Расійскай Федэрацыяй. Цяпер гэтых грошай у Прыгожына не будзе», — дзяліўся меркаваннем у размове з «Люстэркам» дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.

Фото: @concordgroup_official
Яўген Прыгожын. Фота: @concordgroup_official

З іншага боку, Прыгожын і мясцовыя ўлады часта завязваюць уласныя кантакты, па-за афіцыйнымі каналамі. Так, «Новая газета» ўжо пісала, што нават арышты камандзіраў наёмнай арміі, якія пачаліся ў Сірыі, не адаб’юцца на тамтэйшай дзейнасці Яўгена Прыгожына і яго прыбытках ад нафтавага гандлю. У любым выпадку варыянт «найміты хутка пакідаюць Беларусь і далей займаюцца сваімі справамі» выглядае для Лукашэнкі перспектыўным. Беларускі палітычны аналітык Валерый Карбалевіч лічыць, што згода прыняць вагнераўцаў была часткай нейкай угоды паміж Лукашэнкам і Крамлём, па выніках якой палітык адчуў сябе трыумфатарам. Варыянт з хуткім ад’ездам у Афрыку ў гэтым выпадку выглядае для палітыка нядрэнным: ён і атрымлівае лаўры збаўцы Расіі ад бунту і не будзе вымушаны трымаць у сябе пад бокам небяспечных і дарагіх наймітаў.

Яшчэ адзін варыянт згадваў беларускі ваенны эксперт Аляксандр Алесін — на ягоную думку, Лукашэнка можа паспрабаваць выкарыстаць ПВК Вагнера ў Афрыцы для рэалізацыі ўласных інтарэсаў. Алесін адзначае, што ў гэтым выпадку байцы ПВК павінныя атрымаць усю неабходную зброю ўжо на месцы, за кошт замоўцы. Наколькі гэта імаверна, сказаць цяжка.

Варыянт другі — ПВК Вагнера застаецца ў Беларусі

Адразу варта агаварыцца, што мы дапускаем такую версію толькі таму, што няма ніякіх адназначных сведчанняў адваротнага. Лукашэнка сапраўды запрасіў ПВК Вагнера ў краіну, у адным з рэгіёнаў якой цяпер будуецца вялікі лагер, Прыгожын нічога не меў супраць пераезду ў Беларусь і нічога не казаў пра тое, куды збіраецца потым.

Тэарэтычна матывацыяй такіх паводзінаў маглі б быць асцярогі Лукашэнкі што да магчымасцяў беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку УСУ (пытанні пра магчымае вяртанне ў краіну палка Каліноўскага беларусам цяпер задаюць нават памежнікі).

Бойцы полка Калиновского работают с СПГ-9, июнь 2023-го. Фото: пресс-служба полка Калиновского
Байцы палка Каліноўскага працуюць з ЗПГ-9, чэрвень 2023-га. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

Нягледзячы на тое, што беларуская армія па колькасці выглядае велізарнай, ніводнае яе падраздзяленне, нават эліта, не мае досведу рэальнай вайны. А нядаўнія рэйды на тэрыторыю Белгародскай вобласці Легіёна «Свабода Расіі» і Рускага добраахвотніцкага корпуса паказалі, што супрацьстаяць нават нешматлікім, але някепска навучаным і матываваным байцам цяжка нават расійскім вайскоўцам.

У такіх умовах атрымаць пад кантроль некалькі тысяч байцоў з велізарным досведам рэальнага ўдзелу ў баявых дзеяннях магло б стаць спакусай для Лукашэнкі. Аднак ключавое слова тут — «кантроль». Яўген Прыгожын ужо паказаў, наколькі ён схільны камусьці падпарадкоўвацца, — спачатку месяцамі раз за разам абражаючы расійскае вайсковае кіраўніцтва, а потым падняўшы ўзброены мяцеж. Праўда, у Беларусі вагнераўцы непазбежна акажуцца ў аслабленым стане — без цяжкай тэхнікі. Але нават у такім выпадку мець у якасці патэнцыйных ворагаў восем тысяч нават лёгкаўзброеных галаварэзаў Лукашэнка наўрад ці захоча. Хто змог павярнуць штыкі на Маскву, цалкам можа зрабіць тое самае з Мінскам.

Таму імавернасць, што найміты надоўга і ў поўным складзе «прапішуцца» ў Беларусі, малая. Таксама невялікі шанец, што вагнераўцы прыедуць да нас, каб паспрабаваць другі раз атакаваць Украіну з поўначы. Калі Расія не будзе ўзбройваць і забяспечваць боепрыпасамі наймітаў (а пасля заяваў Пуціна гэта наўрад ці можна сабе ўявіць), рабіць гэта давядзецца Беларусі (якая практычна не мае сучаснай тэхнікі і амаль не вырабляе боепрыпасаў). У такіх умовах наступ ПВК Вагнера на Украіну з Беларусі практычна безнадзейны.

Строга кажучы, адзіным варыянтам, пры якім вагнераўцы ў поўным складзе змогуць прапісацца ў Беларусі, застаецца той, пры якім Расія з невядомых прычын зноў возьме на сябе поўнае забяспечанне наймітаў.

Варыянт трэці — вагнераўцы будуць вучыць беларусаў

Гэты варыянт выдатна сумяшчаецца як з першым, так і з другім (то-бок не супярэчыць ім, а можа і дапаўняць), і вось чаму. Нават калі найміты прыбудуць у Беларусь у поўным складзе, восем тысяч інструктараў беларускім вайскоўцам абсалютна не патрэбныя — незалежна ад таго, чаму менавіта і наколькі эфектыўна іх будуць вучыць.

У гісторыі ёсць прыклады, калі дзяржава адпраўляла для падрыхтоўкі замежнай арміі дзясяткі тысяч дарадцаў — да прыкладу, так рабіў СССР, рыхтуючы арабскія арміі да войнаў з Ізраілем. Аднак такая масавасць тлумачыцца проста: пад выглядам інструктараў у Егіпет і Сірыю прыбывалі звычайныя савецкія вайскоўцы, да прыкладу лётчыкі (так, у сваёй кнізе «Арабска-ізраільскія войны» былы прэзідэнт Ізраіля Хаім Герцаг згадвае знакаміты паветраны бой, дзе былі збітыя пяць «дарадцаў», якія ўступілі на знішчальніках у сутычку з ізраільцянамі).

У выпадку ж, калі гаворка не пра «іхтамнетаў», а пра рэальнае навучанне беларускіх вайскоўцаў вагнераўцамі, то нашай арміі хопіць некалькіх дзясяткаў, максімум сотняў інструктараў, утрымліваць для гэтага ўсю слаўную непакорлівасцю армію не варта было б нават пры наяўнасці грошай. А калі верыць Уладзіміру Пуціну і расійскім прапагандыстам, за год ПВК Вагнера абыходзілася ці то параўнальна, ці то ў дзесяць разоў даражэй за ўсе ўзброеныя сілы Беларусі. Таму ўсе размовы пра тое, што вагнераўцы будуць каго-кольвек вучыць, упіраюцца ў адно — для гэтага не трэба і не можа быць трэба сяліць іх у нас у краіне ў поўным складзе.

Варыянт чацвёрты — Лукашэнка (а магчыма, наогул ніхто) пакуль дакладна не ведае, што будуць рабіць вагнераўцы ў Беларусі

Пры ўсёй незвычайнасці такой версіі гэта цалкам магчыма. Падчас званкоў Прыгожыну 24 чэрвеня 2023 года Лукашэнка вырашаў пытанне, вельмі далёкае ад жадання навучыць беларускае войска тактыцы з дапамогай наймітаў — ён аказваў паслугу Пуціну па ратаванні яго рэжыму і перадухіленні дзяржаўнага перавароту. Што будзе потым, палітык цалкам мог не прагназаваць, бо сітуацыя развівалася імкліва.

Пакуль адкрытае пытанне, наколькі Лукашэнка наогул быў самастойны ў прыняцці рашэнняў у той момант. Сябра Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай па пытаннях абароны і нацбяспекі Валерый Сахашчык лічыць, што не зусім.

«Мне здаецца, што Аляксандра Лукашэнку падключылі ў апошні момант. Насамрэч гэта рабіў усё ж такі тульскі губернатар [Аляксей] Дзюмін, і проста ўзнікла думка, паколькі Лукашэнка заўсёды дае прытулкі нейкім злачынцам, асуджаным у сябе на радзіме, то падумалі: а чаму не прыбраць туды „Вагнер“, каб яны абараніліся? І далей там неяк дамаўляцца, куды іх падзець і як іх выкарыстоўваць. Ну і калі Лукашэнку гэта прапанавалі (а ён заўсёды шчаслівы, калі пра яго ўспамінаюць і нешта яму прапануюць), натуральна, ён пагадзіўся», — сказаў Сахашчык у інтэрв'ю «Настоящему времени».

Валерий Сахащик представитель объединенного переходного кабинета. 9 августа Вильнюс Конференция "Новая Беларусь". Фото: "Зеркало
Валерый Сахашчык, прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета. 9 жніўня 2022 года, Вільнюс, канферэнцыя «Новая Беларусь». Фота: «Люстэрка»

«Лукашэнка па азначэнні не мог тут быць незалежным гульцом, бо як любы медыятар або пасярэднік ён залежаў ад таго, каб бакі — а гэта былі Пуцін і Прыгожын — былі гатовыя пайсці на дээскалацыю. Інтрыга тут у тым, каму прыйшоў у галаву сцэнар вырашэння крызісу — Лукашэнку ці камусьці з расіян. Мы пакуль не ведаем сутнасці ўгоды і ці будзе яна выкананая», — патлумачыў палітычны эксперт Арцём Шрайбман.

Пры гэтым абставіны 24 чэрвеня склаліся так, што цалкам кантраляваць сітуацыю не мог ніхто — ні Пуцін, якому асабліва не было чым абараніць Маскву, ні Прыгожын, які не сфармуляваў нават выразных мэтаў свайго мяцяжу (акрамя адстаўкі вярхоў Мінабароны РФ). Усе актары ў гэтым выпадку цалкам маглі дзейнічаць або імпульсіўна, або зыходзячы з вельмі сціплых магчымасцяў з адзінай мэтай — памірыцца тут і цяпер, не страчваючы твару. А пытанне пра тое, што менавіта тысячы наймітаў будуць рабіць у не здольнай доўга іх забяспечваць Беларусі і куды адправіць іх пасля, цалкам магло тады наогул не ставіцца.

Ускосна пра гэта сведчыць і рыторыка самога Лукашэнкі. Вось што ён заяўляў пра вагнераўцаў у сваім выступе падчас уручэння генеральскіх пагонаў 27 чэрвеня: «Мы пакуль ніякіх лагераў не будуем. Але калі яны захочуць (я так разумею, яны глядзяць асобныя тэрыторыі), мы іх размесцім. Стаўце намёты, калі ласка. <…> Чым можам, дапаможам. Пакуль вызначацца, чым ім займацца. <…> Нам не трэба адкрываць ніякія пункты па наборы „Вагнера“. Я думаю, іх і не будзе ніколі. Вось на гэты момант, я лічу, што ніякіх пунктаў нам адкрываць не трэба і іх не будзе. А хто захоча там служыць, яны знойдуць туды дарогу». З гэтых цытатаў відаць, што нейкіх дакладных планаў у палітыка наогул няма: лагераў не будуем, але «пакуль» (а калі і будзем, то толькі на той час, што найміты будуць «вызначацца»), пунктаў вярбоўкі наймітаў не адкрываем — але «на гэты момант».

Таму варыянт, што планаў на найбліжэйшую будучыню няма ні ў аднаго з бакоў (уключаючы Лукашэнку), а ўсё, што адбываецца асабліва не прадумвалася, цалкам імаверны. У гэтым выпадку далейшае развіццё падзей будзе наўпрост залежаць ад таго, наколькі вычарпаны канфлікт паміж Прыгожыным і расійскай уладай. Сёння, 4 ліпеня, стала вядома, што ўладальніку ПВК Вагнера вярнулі раней канфіскаваныя 10 мільярдаў расійскіх рублёў — відавочна, занадта моцна ціснуць на «кухара Пуціна» кіраўніцтва РФ не збіраецца (тым больш што прыгожынскае войска і раней забяспечвалася з парушэннем пратаколу).

Незалежна ад таго, сапраўдны лагер пабудаваны пад Асіповічамі ці гэта «пацёмкінская вёска», вечна пустым ён стаяць не можа — схаваць такое цяжка. Думаем, ужо ў найбліжэйшыя тыдні лёс ПВК Вагнера ў Беларусі (калі найміты ўсё ж перабяруцца да нас, што пакуль невідавочна) праясніцца.

Чытайце таксама