Пробашч рымска-каталіцкай парафіі ў Шуміліне айцец Анджэй Юхневіч не выйшаў на волю праз 45 дзён пасля затрымання. Пра гэта паведамляе Katolik.life.
Тэрмін зняволення святара з Шуміліна падоўжаны да 2 ліпеня. З перадач яму дазволеныя толькі лекавыя сродкі.
Такім чынам, пробашч у Шуміліне знаходзіцца за кратамі больш за 45 сутак — даўжэй за ўсіх рымска- і грэкакаталіцкіх святароў, якіх асуджалі на адміністрацыйны арышт у Беларусі. Толькі адзін з праваслаўных святароў у 2022 годзе адбываў даўжэйшы адміністрацыйны арышт — больш за100 сутак, яго судзілі сем разоў запар.
Нагадаем, 8 траўня пасля сустрэчы святароў і каталіцкай супольнасці Віцебскай дыяцэзіі ў Шуміліне сілавікі затрымалі клірыкаў Анджэя Юхневіча і Паўла Лемеха. Першы раз Юхневіча асудзілі на 15 сутак арышту за «несанкцыянаванае пікетаванне». Святару інкрымінавалі тое, што ў лютым 2022 года ён размясціў на фота свайго профілю ў Facebook выяву бел-чырвона-белага сцяга і сцяга Украіны.
Потым Юхневічу двойчы дадавалі па 15 сутак. Тэрмін чарговага арышту скончыўся 22 чэрвеня, але ксёндз не выйшаў на волю з віцебскага ІЧУ.