У Мінабароны Расіі заявілі, што пад Краматорскам знішчылі пункт рамонту і аднаўлення ўзбраення УСУ, у тым ліку дзве баявыя машыны сістэмы залпавага агню HIMARS і іншую ваенную тэхніку. Паводле звестак Генштаба Украіны, расійская армія за суткі абстраляла больш за 90 населеных пунктаў.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 306-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб Украіны: страты праціўніка растуць
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі адзін авіяцыйны і пяць ракетных удараў, правялі больш за 40 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— На Северскім напрамку праціўнік абстраляў чатыры населеныя пункты, на Слабажанскім — восем, на Купянскім і Ліманскім напрамках абстраляныя раёны больш чым 25 населеных пунктаў, на Бахмуцкім і Аўдзееўскім — больш за 20, на Навапаўлаўскім — тры, на Запарожскім напрамку абстраляныя раёны больш за 25 населеных пунктаў, на Херсонскім напрамку расіяне з артылерыі б’юць па населеных пунктах, размешчаных уздоўж правага берага ракі Днепр.
— Падраздзяленні Сіл абароны Украіны адбілі атакі расійскіх сіл у раёнах населеных пунктаў Навасёлаўскае, Стальмахоўка, Плашчанка, Неўскае і Чырвонапапоўка Луганскай вобласці і Вясёлае, Якаўлеўка, Салядар, Бахмуцкае, Падгародняе, Бахмут, Курдзюмаўка, Маёрск, Вадзяное, Краснагораўка і Мар'інка ў Данецкай вобласці.
— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла пяць удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі расійскіх войскаў.
— Ракетчыкі і артылерысты УСУ нанеслі ўдары па дзевяці пунктах кіравання, двух раёнах канцэнтрацыі жывой сілы і двух іншых важных аб’ектах праціўніка.
«Праціўнік працягвае несці страты. Так, у горадзе Старабельск Луганскай вобласці ў абсталяваны акупантамі вайсковы шпіталь за апошні час даставілі блізу 50 цяжкапараненых вайскоўцаў. У горадзе Горлаўка Данецкай вобласці праз недахоп донарскай крыві ўсіх работнікаў медыцынскіх установаў абавязалі здаваць кроў у адпаведнасці са складзеным графікам», — гаворыцца ў паведамленні Генштаба.
Мінабароны РФ: ударылі па камандным пункце і месцах дыслакацыі сіл УСУ
У расійскім ваенным ведамстве заявілі, што ў раёнах населеных пунктаў Елізаветаўка і Славянск Данецкай вобласці нанеслі ўдар па пунктах часовай дыслакацыі 72-й механізаванай брыгады УСУ, а таксама замежных добраахвотнікаў.
— На Купянскім напрамку ў выніку агнявога ўдару па канцэнтрацыі жывой сілы і тэхнікі УСУ ў раёне населенага пункта Кіслаўка Харкаўскай вобласці знішчаныя да 20 украінскіх вайскоўцаў, баявая машына пяхоты і два аўтамабілі.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку артылерыя нанесла ўдар па падраздзяленнях УСУ ў раенах населеных пунктаў Макееўка і Неўскае Луганскай вобласці, а таксама Церны і Торскае Данецкай вобласці. У раёнах населеных пунктаў Стальмахоўка і Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці знішчаная ўкраінская дыверсійна-разведвальная група і мінамётны разлік. Страты УСУ на дадзеным напрамку склалі больш за 30 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны і два пікапы.
— На Данецкім напрамку расійскія войскі працягвалі паспяховыя наступальныя дзеянні, падчас якіх былі занятыя выгадныя рубяжы і пазіцыі. У выніку ўдару па камандным пункце 80-й дэсантна-штурмавой брыгады УСУ ў раёне горада Краматорск Данецкай вобласці знішчаныя звыш 35 украінскіх вайскоўцаў, у тым ліку пяць старшых афіцэраў. Агульныя страты ўкраінскай арміі за суткі на дадзеным кірунку склалі да 100 вайскоўцаў, чатыры баявыя машыны пяхоты і восем аўтамабіляў.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку агнём артылерыі і актыўнымі дзеяннямі расійскіх войскаў нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Уладзіміраўка, Вуглядар, Новаданецкае і Навасёлка Данецкай вобласці. Знішчаныя больш за 40 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны і тры пікапы.
Усяго за суткі, паводле дадзеных МА РФ, ракетнымі войскамі і артылерыяй нанесеныя ўдары па 63 артылерыйскіх падраздзяленнях УСУ, жывой сіле і ваеннай тэхніцы ў 79 раёнах. Знішчаныя дзве баявыя машыны рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Град», тры гаўбіцы Д-30, артылерыйская сістэма М777. Збітыя сем украінскіх беспілотнікаў, перахопленыя два рэактыўныя снарады сістэмы залпавага агню HIMARS, а таксама дзве супрацьрадыёлакацыйныя ракеты HARM.
У раёне горада Краматорск Данецкай вобласці знішчаны пункт рамонту і аднаўлення ўзбраення УСУ, на якім знаходзіліся дзве баявыя машыны сістэмы залпавага агню HIMARS, дзве самаходныя гаўбіцы «Гваздзік», пяць гаўбіц Д-30, а таксама тры адзінкі спецыяльнай аўтамабільнай тэхнікі.
Брытанская разведка: расійскія войскі ўзводзяць абарончыя ўмацаванні
Расійскія сілы з кастрычніка ў асноўным сканцэнтраваныя на будаўніцтве абарончых пазіцый. Як паведамляе брытанская разведка, гаворка ідзе ў тым ліку пра стварэнне новых супрацьтанкавых і супрацьпяхотных мінных палёў.
Latest Defence Intelligence update on the situation in Ukraine — 26 December 2022
Find out more about the UK government’s response: https://t.co/nfobPRqbHZ
🇺 #StandWithUkraine 🇺 pic.twitter.com/yvZQ3XdjHK
— Ministry of Defence 🇬 (@DefenceHQ) December 26, 2022
Аднак, як адзначае ваеннае ведамства, мінныя палі — гэта сур’ёзная перашкода для добра навучаных войскаў толькі ў тым выпадку, калі яшчэ задзейнічаныя эфектыўныя сродкі назірання і разведкі, а таксама агнявое прыкрыццё. І якраз з гэтым у расійскай арміі сур’ёзныя праблемы. Недахоп сродкаў назірання і добра навучаных вайскоўцаў, якія маглі б весці назіранне за велізарнай плошчай мінных палёў, — гэта тое, з чым найбліжэйшым часам, хутчэй за ўсё, сутыкнуцца расійскія войскі, лічыць разведка Брытаніі.
Амерыканскі інстытут па вывучэнні вайны, як ён і папярэджваў загадзя, не публікаваў зводкі па падзеях за 25 снежня ў сувязі з Калядамі.